Студенческая жизнь
6 октябрь 2026
Дыялог пакаленняў «Роля жанчыны ў літаратуры»
6 кастрычніка 2026 года на факультэце пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшоў дыялог пакаленняў «Роля жанчыны ў літаратуры» з удзелам члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэткі, празаіка, перакладчыка Таццяны Канстанцінаўны Цвірко.
Творчасць Таццяны Цвірко добра вядома ў нашай краіне і за яе межамі, адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Вобразная мова, кранальныя паэтычныя радкі, эмацыянальная насычанасць вершаў, глыбокі філасофскі змест, сучасныя тэмы – менавіта гэта ўскалыхвае сэрцы прыхільнікаў творчасці пісьменніцы.
Таццяна Канстанцінаўна – педагог па адукацыі, таму і дыялог з будучымі настаўнікамі атрымаўся шчырым і адкрытым. Паважаная госця падарыла прысутным на мерапрыемстве цудоўныя вершы, распавяла пра станаўленне пісьменніцкай дзейнасці, а вопыт у Таццяны Цвірко вялікі: яна друкаецца ў перыядычных выданнях з другога класа. Успомніла госця і пра малую радзіму, і пра блізкіх яе сэрцу людзей, і пра тых, хто ўнёс значны ўклад у станаўленне яе творчасці.
Паразважалі ўдзельнікі дыялогу пра тэндэнцыі развіцця літаратуры, акцэнтавалі ўвагу на значным укладзе жанчын-пісьменніц у павышэнні якасці літаратурных разнажанравых твораў на сучасным этапе.
Таццяна Канстанцінаўна прызналася, што, хоць піша на рускай і беларускай мовах, думае па-беларуску, падзялілася сакрэтамі пісьменніцкага майстэрства, расказала пра сваё пісьменніцкае шчасце, якое так цесна звязана са шчасцем жанчыны, прэзентавала новыя кнігі. Не абыйшла госця і актуальную тэму, якая хвалюе сёння ўсё грамадства, – брыдкаслоўе. «Менавіта пісьменнікі і настаўнікі павінны рабіць усё магчымае, каб мова падрастаючага пакалення была чыстай, бо ад гэтага залежыць якасць усяго жыцця!» – падсумавала пісьменніца.
Падводзячы вынік пра ролю жанчыны ў літаратуры, Таццяна Канстанцінаўна адзначыла, што галоўная роля – трансляцыя любові кожнай думкай, кожным творам, кожным радком. І гэта сапраўды так!
Дэкан факультэта Ждановіч Наталля Уладзіміраўна, якая прыняла актыўны ўдзел у дыялогу, падзякавала госці за шчырую размову, акцэнтавала ўвагу на значнасці сустрэчы для будучых педагогаў, пажадала Таццяне Канстанцінаўне творчага плёну і пісьменніцкага шчасця. Госця падарыла факультэту і самым актыўным удзельнікам дыялогу кнігі з аўтографам.
«Сустрэча з Таццянай Канстанцінаўнай – сапраўднае свята духоўнасці і дабрыні!» – падзяліліся студэнты. – Добра, што ёсць на зямлі такія людзі, ад якіх струменіць святло любові, дабрыні і творчасці».
Лук’яненка Паліна, студэнтка групы 270524 ФПА БДПУ