Студенческая жизнь
7 октябрь 2026
Творчая сустрэча з Канстанцінам Цыбульскім
7 кастрычніка 2026 года ў сценах факультэта пачатковай адукацыі БДПУ адбылася яркая творчая сустрэча з беларускім паэтам-песеннікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Канстанцінам Цыбульскім. Мерапрыемства прайшло ў форме дыялогу пакаленняў пад назвай «Зямля бацькоў – сыноў зямля».
У час сустрэчы паэт падзяліўся ўспамінамі з жыцця, расказаў пра пачатак свайго творчага шляху і з асаблівай цеплынёй успомніў пра малую радзіму – Маладзечанскі раён, пра сваю першую настаўніцу, пра значных у яго лёсе людзей.
Канстанцін Пятровіч узнёсла дэкламаваў свае розныя па тэматыцы вершы, у кожны з якіх паэт уклаў душу. Гэтыя творы сталі своеасаблівым прызнаннем у каханні да роднай зямлі, яе людзей і традыцый, і менавіта таму асабліва глыбока адгукнуліся ў сэрцах усіх прысутных.
Гучалі і песні з вялікага рэпертуару (у творчым багажы госця трыста аўтарскіх песень) Канстанціна Пятровіча, якія не пакінулі нікога абыякавым: усмешка не сыходзіла з твараў гледачоў, а сэрцы напаўняліся пяшчотай і захапленнем, бо Канстанцін Цыбульскі на сцэне – сапраўдны выканаўца-зорка, з чароўным глыбінным голасам, з музычным свістам, заваднымі танцамі.
Асаблівым упрыгожаннем сустрэчы стала выступленне жонкі пісьменніка – Надзеі Мікалаеўны. Яна прачытала некалькі сваіх вершаў, у якіх паказана каштоўнасць шчырых сямейных адносін. Надзея Мікалаеўна Цыбульская расказала пра свой педагагічны шлях, дала парады будучым настаўнікам, падзялілася шчымлівымі выпадкамі школьнага жыцця, якія сталі яркім прыкладам правільнага рашэння складаных педагагічных сітуацый.
Варта адзначыць, што сустрэча стала сапраўдным дыялогам: студэнты і выкладчыкі не проста слухалі, а актыўна задавалі пытанні, дзяліліся ўласнымі разважаннямі. Гэта стварыла атмасферу шчырага суразмоўніцтва паміж пакаленнямі.
Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, светлай і натхняльнай атмасферы, пакінуўшы ў сэрцах удзельнікаў шчырыя эмоцыі і жаданне зноў дакрануцца да жывога паэтычнага слова.
Валерыя Новікава, студэнтка групы 270124