ФНО

 

События

Васількі творчасці Міхася Пазнякова

2026-02-10

10 лютага на факультэце пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшло ўрачыстае мерапрыемства, свята духоўнасці і высокага паэтычнага слова – дыялог пакаленняў «У люстэрку творчасці заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменніка Міхася Пазнякова: шануем, любім і ганарымся». Шквалам авацый віталі студэнты, выкладчыкі і госці мерапрыемства дарагога госця, юбіляра Міхаіла Паўлавіча Пазнякова, старшыню Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара Тэатра паэзіі, празаіка, паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцу, публіцыста, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій, у тым ліку і Нацыянальнай літаратурнай прэміі.  

Міхась Пазнякоў – жывы ланцужок памяці. Ён злучае пакаленні: ад Кандрата Крапівы, у якога вучыўся мудрасці слова, да сучасных дзяцей, для якіх піша вершы, загадкі і казкі. Пісьменнік дэманструе, што літаратура – гэта не толькі ўрок у школьным раскладзе. Гэта скарбніца, дзе жыве душа народа.

Калі Міхаіл Паўлавіч чытаў вершы пра Радзіму, пра вёску, пра простую, пяшчотную прыгажосць нашага краю, у зале панавала тая самая "цішыня, поўная знакаў". Кожны ўспомніў свой куток Беларусі, сваё Заброддзе, сваё дзяцінства…

З цеплынёй і гонарам расказваў Міхаіл Паўлавіч пра сваіх бацькоў і быў вельмі расчулены, калі ўбачыў на экране ролік на песню «На Радзіме» (словы М. Пазнякова, музыка І. Раманчука, выкананне В. Статкевіча), які стварыла студэнтка 2 курса, член крэатыўнай студыі «Баланс» Фаіна Бычкоўская. Вось на экране едзе на ровары па вясковай вуліцы маленькі Міхась, вось ён косіць траву, а вось абдымаецца з матуляй… А на сцэне паважаны чалавек, вядомы творца, знакаміты паэт Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў шчыра прызнаецца ў адказ на пытанне студэнтаў, што самым галоўным дасягненнем у жыцці лічыць тое, што змог захаваць у сэрцы дабрыню, якая перадалася яму ад бацькоў як генетычны код. Фаіна Бычкоўская падарыла Міхасю Пазнякову партрэт, які малявала ўсёй душой, – партрэт мамы паэта.

З віншавальным словам звярнуліся да госця дэкан факультэта пачатковай адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Уладзіміраўна Ждановіч, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына Аляксандраўна Буторына, якія адзначылі, што вялікае значэнне для маральнага станаўлення моладзі маюць дыялогі пакаленняў, выказалі шчырую ўдзячнасць Міхаілу Паўлавічу за актыўнае шматгадовае супрацоўніцтва з факультэтам пачатковай адукацыі, пажадалі юбіляру натхнення і новых кніг, па якіх студэнты і далей будуць праводзіць урокі чытання ў школах.

Пранікнёна гучалі са сцэны вершы Міхася Пазнякова ў дэкламацыі студэнтаў-студыйцаў Локаць Ганны, Наркевіч Эвеліны, Салавей Ганны, а таксама гасцей: мастацкага кіраўніка Тэатра паэзіі, артысткі кіно і эстрады Вольгі Багушыньскай, старшыні савета ветэранаў дзяржаўных устаноў адукацыі і навукі Кастрычніцкага раёна горада Мінска Любові Іванаўны Хвайніцкай.

Як адзначыла вядучая мерапрыемства, старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі, кіраўнік крэатыўнай студыі «Баланс» Валянціна Станіславаўна Драбышэўская, магія слова сапраўды існуе. І толькі тады працуе магія, калі слова блаславёнае, ідзе ад шчырага сэрца, нясе пасыл святла і дабрыні.

Кожны верш Міхася Пазнякова – сапраўдная каштоўнаць, а кожны радок магічны, бо зачароўвае сваёй непаўторнасцю, глыбінёй, вобразнасцю.

На працягу сустрэчы працавала майстэрня прызнання. Нягледячы на снежныя гурбы і мароз, у зале зацвіталі васількі творчасці Міхаіла Паўлавіча Пазнякова і складаліся ў прыгожае пано ў руках мастака, студэнткі Міланы Курдзюк.

Мы ўпэўнены, што наш дыялог з майстрам слова яшчэ працягнецца. І мы будзем яшчэ больш захапляцца высокай творчасцю Міхася Пазнякова, адкрываючы для сябе шмат цікавага, асабістага, таямнічага! Таму што мы шануем, любім і ганарымся класікам сучаснасці – Міхаілам Паўлавічам Пазняковым!

Цапко Дар’я,

студэнтка 2 курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ,

член крэатыўнай студыі «Баланс»