ФНО

 

События

Філіял працуе

2021-02-16

10 лютага 2021 года на філіяле кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі быў праведзены онлайн семінар па выніках рэалізацыі на базе філіяла кафедры комплекснай методыкі навучання беларускай арфаграфіі ў ІІ – ІV класах, распрацаванай дацэнтам кафедры Наталляй Міхайлаўнай Антановіч.

На базе філіяла кафедры актыўна працуе навукова-даследчая лабараторыя «От слова – к фразовой речи», удзельнікі якой, настаўнікі пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі В.Л.Забаўская, А.П.Цывінская, Л.В.Каражнова, на працягу 2017–2020 гг. забяспечвалі эксперыментальнае навучанне па рэалізацыі праекта, накіраванага на ўкараненне на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі комплекснай методыкі навучання беларускай арфаграфіі Н.М.Антановіч. Кантрольны зрэз на выяўленне эфектыўнасці распрацаванай методыкі праводзіўся ў чацвёртых эксперыментальных і кантрольных класах.

Вынікі кантрольна-дыягнастычнага зрэзу па вызначэнні ўзроўню сфарміраванасці арфаграфічнага навыку навучэнцаў былі падведзены ў верасні 2020 г.

Задачы эксперыментальнага навучання:

1) апрабіраваць комплекс метадаў навучання арфаграфіі: сістэму арфаграфічных практыкаванняў (фанетыка-арфаграфічных, марфеміка-арфаграфічных, граматыка-арфаграфічных), распрацаваную з улікам пяці паслядоўных, узаемабумоўленых этапаў фарміравання арфаграфічнага навыку: знаёмства з арфаграмай і яе апазнавальнымі прыметамі, разуменне сутнасці арфаграфічнага дзеяння, запамінанне спосабу арфаграфічнага дзеяння, фарміраванне арфаграфічнага ўмення, аўтаматызацыя арфаграфічнага ўмення; алгарытмізацыю як аперацыйна-лагічны метад, які садзейнічае разуменню арфаграфічнага матэрыялу, фарміраванню ўмення выкарыстоўваць арфаграфічныя правілы на пісьме; сенсаматорны метад з апорай на мнематэхніку для засваення правапісу слоўнікавых слоў;
2) апрабіраваць сучасныя электронныя адукацыйныя рэсурсы: электронныя даведачна-інфармацыйны, трэніруючы, кантрольна-дыягнастычны, інтэрактыўны модулі, размешчаныя ў сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle; электронныя арфаграфічныя гульні-трэнажоры;
3) выявіць эфектыўнасць распрацаванай комплекснай методыкі навучання беларускай арфаграфіі ў ІІ–ІV класах – з поспехам вырашаны.

Мэта навучальнага эксперыменту – рэалізацыя комплекснай методыкі навучання беларускай арфаграфіі ў ІІ–ІV класах – дасягнута.