ФНО

 

События

Дзень роднай мовы на факультэце

2022-02-21

21 лютага 2022 года ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года. З гэтай нагоды кафедра беларускага і рускага мовазнаўства штогод праводзіць шэраг мерапрыемстваў, задача якіх прывіваць любоў да роднай мовы, заахвочваць да больш актыўнага карыстання беларускай мовай.

Не стаў выключэннем і 2022 год. На працягу тыдня з 18 па 25 лютага выкладчыкі кафедры арганізавалі і правялі разнастайныя па форме і змесце мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел студэнты факультэтаў пачатковай і дашкольнай адукацыі, Інстытута інклюзіўнай адукацыі, школьнікі.

Навучэнцы пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа № 153 г. Мінска” (філіял кафедры беларускага і рускагамовазнаўства) – нашы даўнія сябры. Штогод студэнты факультэта пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры В.Г.Качан прыходзяць у Міжнародны дзень роднай мовы да вучняў пачатковых класаў. У гэтым годзе студэнты 3 курса падрыхтавалі для вучняў 4 “А” і 3 ”А” класаў віктарыну, эссе, напісалі вершы. Атрымалася сапраўднае яркае прывітанне ад факультэта пачатковай адукацыі.

Старшы выкладчык кафедры Т.С.Бабровіч у межах дысцыпліны “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” прапанавала студэнтам 1 курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі падрыхтаваць вусныя паведамленні. 23 лютага на занятках студэнты расказвалі пра выдатных беларускіх дзеячаў, гістарычныя помнікі, аналізавалі этапы развіцця беларускай мовы. Кожнае паведамленне суправаджалася творчай прэзентацыяй. Цікавай і захапляльнай была музычная віктарына, на якой трэба было назваць беларускую групу, якая спявае на беларускай мове. З захапленнем студэнты адгадвалі рэбусы і загадкі, падрыхтаваныя іх калегамі.

На факультэце дашкольнай адукацыі 21 лютага прайшло свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, арганізатарамі якога выступілі дацэнт кафедры А.Г.Міхалевіч і выкладчык кафедры методык дашкольнага выхавання І.М. Іваноўская. Студэнты ўсіх курсаў факультэта, а гэта амаль 100 чалавек, удзельнічалі ў конкурсе выканаўцаў беларускай песні, аўкцыёне “Пераклад слоў”, гульнях і віктарынах.

Студэнты 2 курса праверылі свае веды ў моўным турніры беларусазнаўцаў “Роднай зямлі родныя вытокі”, а студэнты 3 курса чыталі вершы беларускіх паэтаў на гадзінцы паэзіі “Каласы роднай мовы”.

Цэлы шэраг мерапрыемстваў прайшоў і на факультэце пачатковай адукацыі. Гэта і віктарына “Скарбы роднай мовы”, конкурс эсе “Смак роднай мовы”, конкурс хуткагаворак “Слова – свята”, кірмаш лінгвістычных галаваломак (арганізатары загадчык кафедры А.С.Васілеўская і дацэнт кафедры, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце В.У.Азарка), конкурс чытальнікаў беларускай паэзіі для дзяцей “Літаратурныя зярняткі”, анлайн дыялог на трох мовах “Палітра роднай мовы. Пачуцці і фарбы пісьменніка і чытача” з удзелам беларускай пісьменніцы Святланы Быкавай і ўзбекскай пісьменніцы Хасіят Рустам (арганізатар старшы выкладчык кафедры, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце І.А.Буторына).

Даведацца пра гісторыю з’яўлення свята, выказаць свае думкі пра родную мову студэнты змаглі, дзякуючы стэндаваму праекту “Міжнародны дзень роднай мовы” (арганізатар старшы выкладчык кафедры А.С.Васілеўская).

1 сакавіка былі падведзены вынікі тыдня, узнагароджаны пераможцы конкурсаў і віктарын.

Пераможцамі конкурсу “Скарбы роднай мовы” сталі Кадоліч Анастасія (група 270321), Кіпель Валерыя (група 270121), Семіязыкава Анастасія (група 270421), Станкевіч Карына (група 270221), Сцефанюк Кацярына (група 270321), Фянчук Яна (група 270121).

Аўтарамі лепшых эсэ “Смак беларускай мовы” былі прызнаны Нікановіч Анастасія (група 270421) і Самусевіч Аляксандра (група 270321).

Лепш за ўсіх прачыталі тэкст са скорагаворкамі Грыгарцэвіч Лізавета (група 270320) і Жук Лада (група 270420).

У конкурсе лінгвістычных галаваломак перамаглі каманды груп 270420 і 270520.

Пераможцамі конкурсу чытальнікаў паэзіі для дзяцей “Літаратурныя зярняткі” сталі 7 студэнтаў 1 курса. Дыпломы 3-й ступені атрымалі Круталевіч Ангеліна (група 270321) і Башура Ксенія (група 270321). Дыпломамі 2-й ступені ўзнагароджаны Сулкоўская Аліна (група 270221) і Ліпская Таццяна (група 270321). Уладальнікамі дыпломаў 1-й ступені сталі Карафізі Лілія (група 270421), Кавалёва Анастасія (група 270421) і Заўражэна Карына (група 270521).

Віншуем пераможцаў! Жадаем часцей чытаць і размаўляць па-беларуску.