ФНО

 

События

Казкі пра краскі

2026-05-31

У маі 2026 года адзначаецца 115-гадовы юбілей класіка беларускай дзіцячай літаратуры, педагога Васіля Віткі. Васіль Вітка доўгі час быў галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”, перакладаў на беларускую мову творы Л.Талстога, А.Чэхава і іншых аўтараў, пакінуў багатую літаратурную і літаратуразнаўчую спадчыну.

Творы Васіля Віткі – гэта своеасаблівая энцыклапедыя, якая адкрывае для дарослых свет дзяцінства, а для дзяцей – свет дарослых. Менавіта таму дацэнты кафедры беларускага і рускага мовазнаўства В.У.Азарка і А.С.Васілеўская ў межах праекта “Энцыклапедыя адной кнігі” прапанавалі студэнтам 2 курса пазнаёміцца з вершам “Казкі і краскі” і стварыць свой энцыклапедычны даведнік пра расліны, якія ўзгадваюцца ў вершы (а іх 52).

У слоўнікавыя артыкулы студэнты павінны былі ўключыць цытаты з верша, выявы раслін і кароткія звесткі пра іх. Знойдзеную інфармацыю студэнты афармілі ў выглядзе прэзентацый і размясцілі на платформе Padlet. У прэзентацыі (па жаданні) можна было ўключыць загадкі пра расліны, прыметы, звязаныя з імі, а таксама сюжэтныя малюнкі, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту. Атрымалася ярка, прыгожа і пазнавальна. Акрамя таго, кожны аўтарскі калектыў ацаніў прэзентацыі, прадстаўленыя іншымі групамі, выказаў свае пажаданні.

Запрашаем усіх пазнаёміцца з гэтымі незвычайнымі энцыклапедыямі па спасылцы https://padlet.com/alenavasil26/padlet-hs8r9ym32jx3fu5d.