ФНО

 

События

Пабудавалі горад Мілагучнасць

2025-02-20

20 лютага 2025 года напярэдадні Дня роднай мовы студэнткі групы 270524 пабудавалі горад Мілагучнасць з сакавітых, пяшчотных, звонкіх, узнёслых беларускіх слоў у творчай майстэрні.

На вуліцы Вытокаў дзяўчаты паразважалі, што з’яўляецца вытокам у жыцці чалавека, і прыйшлі да высновы, што выток – гэта Беларусь, малая радзіма, нашы карані, сям’я. Падабралі зіхаткія эпітэты да слова Радзіма, адказаўшы на пытанне:

Якая яна, Радзіма,

Адзіная, непаўторная?

Якімі глядзіць вачыма

І ззяе якімі зорамі?

На плошчы Памяці студэнткі адзначылі, што памяць – гэта душа народа. Успомнілі трагічныя падзеі, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, расказалі пра сваіх славутых продкаў, дзякуючы якім мы сёлета адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі. Аздобіла аповеды песня «Белыя Анёлкі», якая напісана ў творчым супрацоўніцтве выкладчыкаў факультэта: паэтэсы Валянціны Драбышэўскай і кампазітара Валянціна Каваліва.

На вуліцы Моўнай студэнткі разам з куратарам прызналіся ў любові да роднай мовы, якая то звініць, як ручаёчак, то дзінькае званочкам, то ўзвышана віруе ў вальсе сугучнасці.

Мова – гэта памяць, гэта сэрца

У суквецці сакавітых слоў.

Мова наша мамінай завецца,

Бо яна як маміна любоў!

На вуліцы Кніжнай назвалі любімыя творы беларускіх аўтараў, прадэкламавалі вершы на беларускай мове, падзяліліся ўражаннямі пра апавяданне свайго куратара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Валянціны Драбышэўскай «Любіна сукенка».

Горад Мілагучнасць заззяў шыкоўнымі аксамітамі. Галоўнае, каб аксаміты родных слоў ззялі ў сэрцы кожнага беларуса. І тады беларуская мова будзе вечна зачароўваць свет сваёй мілагучнасцю.